Для кожнага жыхара Беларусі першая нядзеля верасня – асаблівая, святочная. Менавіта ў гэты дзень, пачынаючы з 1994 года, наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства і друку. Гэты дзень стаў нацыянальным святам беларусаў, якія з вялікай павагай ставяцца да роднага слова, культуры, асветы і літаратуры.

З гэтай нагоды ­3 верасня ў філіяле “Субацкая сельская бібліятэка” прайшло гістарычнае падарожжа “Не знікне цуд прыгожага пісьменства”, мэтай якога стала дэманстрацыя адзінасці беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменнасці і друку Беларусі.

Гасцям мерапрыемства было прапанавана “падарожжа” ў мінулае, знаёмства са славутымі беларускімі першадрукарамі і асветнікамі: Кірылам Тураўскім, Еўфрасінняй Полацкай, Францішкам Скарынай, Сымонам Будным, стваральнікам беларускай нацыянальнай драматургіі Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам, “волатамі” беларускай літаратуры – Янкам Купалам і Якубам Коласам. Гучалі мілагучныя вершы беларускіх паэтаў.

Свята беларускага пісьменства дае магчымасць дакрануцца да вытокаў нашай духоўнасці, прасачыць сувязь гісторыі i сучаснасці. Яно стала традыцыйным i адзначаецца на ўзроўні дзяржавы. Бо жывучасць мовы – гэта веліч краіны.