21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.
Ведаць сваю родную мову важна, як і быць патрыётам краіны і годным яе грамадзянінам. Афіцыйнымі мовамі ў Беларусі лічыцца беларуская і руская, аднак сваю мову сучаснае пакаленне амаль забылася. На жаль, на беларускіх вуліцах усё радзей можна пачуць родную гаворку… Але мы павінны памятаць аб тым, што толькі яна робіць нас унікальнымі, дае свой знак адрознення перад іншымі краінамі. Менавіта з гэтай мэтай 20 лютага ў філіяле «Бібліятэка-цэнтр нацыянальнай культуры аг. Юбілейный” прайшла гульня-падарожжа для вучняў 3 і 4 класа, каб яшчэ раз нагадаць падрастаючаму пакаленню, што беларускаму народу ёсць чым ганарыцца.
Падчас мерапрыемства дзеці прымалі ўдзел у падарожжы, дзе іх чакалі цікавыя заданні, каб даведацца аб незвычайных скарбах беларускага народа і роднай мовы. Разам з бібліятэкарам яны рабілі прыпынкі на станцыях «Прыказкі і прымаўкі», “Загадкі”, “Прыкметы” і “Казкі”.
Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар сказала дзецям такія словы:
А вы, дзеткі мае, дружна жывіце,
Хутка расціце,
Край свой любіце,
На роднай мове часцей гаварыце!