«Мы з iмi выходзілі
заўжды ў дарогу,
А як акрыляла нас іхняе слова,
Што сказана простаю,
Матчынай мовай,
Мы з iмi адолелі буры i хвалі..
Купала i Колас, вы нас гадавалі
Вы звалі на волю
3 цямноты, з прымусу,
Каб горда нaciлi імя беларуса...
Дык дзякуй Вам, Колас,
Дык дзякуй, Купала!”
                                                  П. Броўка

21 чэрвеня ў раённай бібліятэцы для студэнтаў Ваўкавыскага каледжу УА "ГрДУ імя Я. Купалы", у рамках Тыдня моладзі і студэнцтва, сумесна з ГА "БРСМ" прайшла літаратурная гадзіна “Слаўныя сыны Беларусі", прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа.

 У далёкім 1882 годзе нарадзіліся ў Беларусі два вялікія песняры беларускага народа, класікі нацыянальнай літаратуры – Янка Купала і Якуб Колас. Іх імёны вядомы кожнаму беларусу. Без Коласа і Купалы нельга ўявіць нашу літаратуру і культуру. Гэтыя пісьменнікі пранеслі праз усё жыццё высокія ідэалы гуманізму, дабра і справядлівасці, аддалі народу свой талент, душу і сэрца.

Таму сёння на мерапрыемстве навучэнцы з задавальненнем чыталі іх вершы, прысутным былі паказаны відэафільмы пра жыццёвы шлях нашых паэтаў. Таксама была падрыхтавана кніжная выстава па творчасці Я. Коласа і Я. Купалы, на якой кожны жадаючы змог больш падрабязна азнаёміцца з творамі паэтаў.

А яшчэ нашы студэнты вельмі зацікавіліся спілс-картай Беларусі, з дапамогай якой усе жадаючыя змаглі сабраць карту нашай краіны. За гэта асобнае дзякуй БРСМ.

Янка Купала і Якуб Колас – мудрыя і праўдзівыя настаўнікі. Яны пакінулі нам духоўны запавет – любіць, шанаваць, берагчы спадчыну і быць сапраўднымі патрыётамі!