Чарговы выпуск праекта прысвечаны 65-годдзю з часу выхаду ў свет рамана Івана Мележа “Людзі на балоце” – самага знакамітага тварэння пісьменніка.

Твор апавядае пра вясковае жыццё ў савецкі час, а ў цэнтры аповеда – Васіль Дзятлік і Ганна Чарнушка, гісторыя іх жыцця і няўдалага кахання. Раман «Людзі на балоце» уваходзіць у залаты фонд шэдэўраў сусветнай прозы ХХ стагоддзя. Гэта нацыянальны эпас, у якім увабраныя найлепшыя рысы беларускага рамана. Твор быў перакладзены на латышскую, рускую і нямецкую мовы. У 1967 годзе адбылася яго першая экранізацыя, а таксама на працягу дваццаці гадоў, пачынаючы з шасцідзясятых, на сцэне Купалаўскага тэатра ігралі спектакль з аднайменнай назвай. Помнік героям рамана можна ўбачыць сёння ў Хойніцкім гарадскім парку культуры.