19 лютага ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы прайшла тэматычная гадзіна “Любіце, шануйце родную мову” для грамадзян сталага ўзросту ДУ “ТЦСАН Ваўкавыскага раёна”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Прыгожая, мілагучная, родная мова. Так мы гаворым, калi нас спытаюць, якая яна? На вялікі жаль, мы не размаўляем на ёй кожны дзень, але сёння, напярэдадні Дня роднай мовы, усе ўдзельнікі мерапрыемства стараліся выказываць свае думкi i пачуццi “на мове сэрцу зразумелай”.

У пачатку мерапрыемства вядучая правяла кароткі экскурс у гісторыю свята.

Затым, увазе прысутных быў прапанаваны відэаролік, у якім прагучаў урывак з верша П.Панчанкі “Родная мова” у выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь – Анастасіі Масквіной, дзе аўтар параўноўвае нашу мову з перазвонам ручаёў і спевамі птушак.

Госці актыўна прымалі ўдзел у конкурсах: “Падумай і адкажы”, “Смак беларускай мовы”, “Знаўцы беларускага фальклору”, “Літаратурны марафон”, “Паспрабуй перакладзі”, “Растлумач фразеалагізм”. На працягу мерапрыемства гучалі вершы, песні пра родную мову. Самая актыўная ўдзельніца, Гаўрылік Галіна Іосіфаўна, ўразіла ўсіх прысутных веданнем цудоўных вершаў і майстэрствам іх выканання.

Гульня “Самыя прыгожыя словы ў роднай мове” стала доказам таго, што такія скарбы-словы сустракаюцца ў нашай мове, што так і хочацца паўтараць іх толькі на беларускай мове – такія яны сакавітыя, прыгожыя і мудрагелістыя.

Супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана кніжная выстава “На мове, сэрцу зразумелай”, на якой прадстаўлены кнігі аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, кароткая граматыка беларускай мовы і іншыя даведачныя выданні.

Вялікае захапленне выклікала выстава асабістых работ Аліны Іванаўны Кароль – жыхаркі в.Станелевічы Зэльвенскага раёну. Посцілкі, ручнікі, вышыванкі вярнулі ўсіх у дзяцінства і бацькоўскую хату.

Напрыканцы мерапрыемства ўсе госці прыйшлі да высновы, што аднаго дня свята для дзяржаўнай мовы надта мала, вельмі хочацца, каб матчына слова гучала з вуснаў суайчыннікаў штодня. Бо, як некалі сказаў Францішак Багушэвіч: «Мова – гэта «адзежа душы». Няхай жа душа беларускага чалавека, нарэшце, апранецца ў сваё адзенне, сатканае з такой прыгожай, звонкай беларускай мовы!