Творчасть Пятруся Броўкі – паэтычны летапіс народнага жыцця. Найбольш светлыя і шчырыя песні ён праспяваў роднай зямлі, чароўнаму кутку на Полаччыне. Паэзія П.Броўкі ўвабрала ў сябе жыватворныя сокі роднай зямлі, пераняла яе красу, напоўнілася самымі рознымі чалавечымі пачуццямі – радасцю, замілаваннем, пачуццём аптымізму.

Сёлета спаўняецца 65 гадоў з часу выдання аднаго з самых вядомых зборнікаў паэзіі - “Пахне чабор”. У ім шмат прачулых вершаў пра родныя гаі і пралескі, блакітныя азёры, сонечныя паляны і гаманкія дубравы. Аўтар раскрывае непаўторны воблік Бацькаўшчыны, вядзе шчырую, прачулую размову з лесам, дрэвам, пчалою, паэтызуе крыніцу, неба, раку, поры года.