24 сакавіка  бібліятэкар філіяла “Вярэйкаўская сельская бібліятэка” прыняла ўдзел у фальклорнай праграме “Мы вясну гукаем, вясну сустракаем”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі філіяла “Вярэйкаўскі Дом культуры”.

Абрад ”Гуканне вясны” быў першым абрадам, які адкрываў веснавы цыкал.

Пасля доўгай зімы людзі з нецярплівасцю чакалі вясну, імкнуліся паскорыць яе прыход рознымі спосабамі: прызыўнымі песнямі, карагодамі, гульнямі. Меркавалася, што калі радасна і  ветліва сустракаць вясну,  то ў падзяку  яна прынясе  падарункі – багаты ўраджай, поспех у гаспадарчых справах.

І на нашым свяце вадзілі карагод і  спявалі песню  “Жавароначкі, прыляціце”, гулялі ў гульні “Звіць гняздо”, “Перанесці яйкі”, “Ручаёк”, успаміналі птушак, якія жывуць у нашай мясцовасці, адгадвалі веснавыя загадкі.

Удзельнікі фальклорнай праграмы даведаліся, што да надыходу свята нашы продкі пяклі смачныя кулічыкі, булачкі, падобныя на птушачак. У канцы свята дзеці падкідвалі самаробных птушачак, каб яны на сваіх крылах хутчэй прыносілі цяпло.