9 снежня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, беларускага паэта, празаіка, публіцыста, літаратурнага крытыка. Да гэтай значнай падзеі Ваўкавыская раённая бібліятэка правяла паэтычную акцыю “Чытаем разам творы Максіма Багдановіча”.

Акцыя, прысвечаная юбілею класіка беларускай літаратуры сабрала ў раённай бібліятэцы творчых і актыўных жыхароў горада Ваўкавыска. Людзі розных узростаў і сацыяльнага статусу дэкламавалі свае любімыя творы таленавітага паэта: Анастасія Аляксандраўна Самушчык, педагог-арганізатар ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Ваўкавыска”, мясцовая паэтка чытала верш “Калі паласу агнявую...”; Тамара Антонаўна Луговіч, адказны сакратар Ваўкавыскага раённага Савета ветэранаў — “Слуцкія ткачыхі”, Смок Галіна Іванаўна, мясцовая паэтка прачытала верш “Переписчик”.

Удзел у акцыі прынялі студэнты Ваўкавыскага педкаледжа. З вялікай асалодай яны дакрануліся сэрцам і душой да чароўных радкоў з вершаў паэта, словы якіх пакладзены на музыку: “Слуцкія ткачыхі” ,“Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”, “Вераніка”.

Чытачы аддаленых вёсак, якія абслугоўваюцца бібліёбусам, таксама далучыліся да акцыі. Жыхары вёскі Андрэевічы, Жук Кацярына Генрыхаўна і Абрамюк Марыя Іосіфаўна, з задавальненнем прачыталі знакамітыя вершы беларускага класіка: “Па-над белым пухам вішняў…”, “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”.

          Максім Багдановіч пражыў толькі 25 гадоў, але ўжо прайшло амаль стагоддзе, а яго рамантычны вобраз і незабыўныя творы, як і раней, кранаюць людзей да глыбіні душы. Думаецца так будзе і надалей!..