Трылогія "Палеская хроніка"

Іван Паўлавіч Мележ… Пачуеш гэтае шаноўнае імя, – і адразу перад вачыма паўстаюць Глінішчы, Хойнікі, бяскрайняе Палессе з пясчанымі ўзгоркамі і забалочанымі нізінамі, з густым алешнікам і лазняком, з непраходным чаротам і асакой.
8 лютага спаўняецца 105 год з дня нараджэння беларускага празаіка, драматурга, публіцыста, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай і літаратурнай прэмій імя Якуба Коласа – Івана Паўлавіча Мележа.
Пісьменнік падарыў нацыянальнай літаратуры нямала таленавітых твораў, сярод якіх трылогія “Палеская хроніка”. Раманы “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань” перакладзены на рускую, казахскую, нямецкую, кітайскую і іншыя мовы. Па ім пастаўлены спектаклі, зняты мастацкія фільмы, дзякуючы чаму пра Мележа знаюць у свеце...
Дзеянні ў трылогіі адбываюцца ў родных для пісьменніка месцах. У ёй апісана жыццё палескай вёскі 20-30-х гадоў – цяжкасці пераходу да сацыялізму, калектывізацыя, раскулачванне. З вялікім талентам паказаны як гістарычны фон, так і адносіны герояў.
Трылогія “Палеская хроніка” будзе цікава школьнікам, студэнтам і тым, хто цікавіцца беларускай літаратурай.
За кнігай запрашаем у аддзел абслугоўвання і інфармацыі Ваўкавыскай раённай бібліятэкі (вул. Першамайская, 7) тэл.: 5 12 75