Пра жанчын, якія змагаліся за мір

  • 09.11.2026

Новы выпуск нашай рубрыкі "БібліяМІКС" – асаблівы. Ён прысвечаны кнізе, якая вяртае нам забытыя імёны і вяртае гісторыі тым, хто іх ствараў.

Прадстаўляем «Жаночае аблічча Перамогі» – сумесную працу Дзмітрыя Кашавара і Анастасіі Радзікевіч, якая выйшла ў выдавецтве «Адукацыя і выхаванне».

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў шэрагах Чырвонай арміі і партызанскіх атрадах змагалася каля мільёна жанчын: медсёстры, сувязныя, снайперы, лётчыцы, танкісткі, партызанкі. Яны разбурылі стэрэатып пра тое, што вайна – выключна мужчынская справа.

Гэтая кніга – зборнік дакументальна пацверджаных гісторый пра жанчын, іх подзвіг і гераізм. Сярод гераінь – Анастасія Купрыянава, якая аддала на алтар Перамогі жыцці сваіх пяці сыноў; Алена Мазанік, Надзея Траян і Марыя Осіпава – адважныя мінскія падпольшчыцы; Зінаіда Тусналобава-Марчанка, франтавая медсястра, якая вынесла з поля бою 123 параненых байцоў; юная 9-гадовая разведчыца Надзея Багданава і 14-гадовая камандзірка жаночай партызанскай групы падрыўнікоў Рыма Кунько.

Кніга паказвае, што Перамога здабывалася не толькі сілай зброі, але і веліччу жаночага сэрца, міласэрнасцю і непахіснай стойкасцю.

Запрашаем вас у бібліятэку пазнаёміцца з гэтым выданнем і аддаць даніну павагі тым, хто падарыў нам мірнае неба.

Кашавар, Д. В. Жаночае аблічча Перамогі / Дзмітрый Кашавар, Анастасія Радзікевіч. - Тэкст : непасрэдны. - Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2026. - 71 с.

Кніга «Жаночае аблічча Перамогі» прысвечана неацэннаму ўкладу жанчын у барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На старонках выдання сабраны дакументальна пацверджаныя гісторыі гераінь, чыя мужнасць і самаахвярнасць сталі сапраўдным сімвалам нязломнага духу. Сярод іх – маці-патрыётка Анастасія Купрыянава, у якой падчас вайны загінулі сыны, і зусім юныя змагары, такія як 9-гадовая разведчыца Надзея Багданава і 14-гадовая камандзірка жаночай групы падрыўніц Рыма Кунько. Чытач пазнаёміцца з подзвігам бясстрашных удзельніц падполля Надзеі Траян, Алены Мазанік і Марыі Осіпавай, якія ажыццявілі аперацыю па знішчэнні гаўляйтара Вільгельма Кубэ, а таксама з гісторыяй самаадданай медсястры Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі, што выратавала з поля бою 123 параненыя салдаты і афіцэры і прадэманстравала неверагодную прагу да жыцця пасля ампутацыі рук і ног.

Гэтае выданне служыць важным напамінам пра тое, што Перамога здабывалася таксама і дзякуючы велічы жаночага сэрца.