Напрыканцы ліпеня 2023 года ўбачыла свет новая кніга Мікалая Іваноўскага “Духмяны падарунак” – чароўная, яркая, маляўнічая…
Нават зірнуўшы на вокладку новай кнігі, нібыта пачынаеш адчуваць пах мёду, лекавых зёлак, яблыкаў, пагружаешся ў народны каларыт і аўтэнтычнасць. Ад новага паэтычнага зборніка быццам бы ідзе прыемны водар, і хочацца адкрыць кнігу і далучыцца да чароўнай вясковай атмасферы.
З гэтай нагоды 23 жніўня ў чытальнай зале Ваўкавыскай раённай бібліятэкі сабраліся прыхільнікі літаратурнага слова на прэзентацыю новай кнігі нашага зямляка.
У пачатку мерапрыемства кіраўніцтва бібліятэкі павітала сабраўшыхся, прадставіла выступоўцаў. У якасці гасцей выступілі: начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама – Іван Фадзеевіч Маржала; паэт, пісьменнік, кіраўнік Мінскага літаратурнага клуба “Экватар” – Вячаслаў Корбут; паэтка, пісьменніца, шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” – Інга Вінарская, Тэрэза Кавальчук – пісьменніца, публіцыст, загадчык бібліятэкі гімназіі № 2 г. Ваўкавыска.
Мікалай Іваноўскі расказаў прысутным пра кнігу, пра ідэю яе стварэння, пачытаў вершы.
Вячаслаў Корбут, зазначыў, што выданне мае павучальны, выхаваўчы змест, прывівае любоў да роднай прыроды.
Інга Вінарская распавяла пра кнігу, пра яе аўтара, пра шматгадовае з ім супрацоўніцтва. Інга адзначыла важкасць выдання, бо ў ім ярка паказаны вобразы багатай беларускай прыроды.
Тэрэза Кавальчук павіншавала аўтара з выхадам новай кнігі. Падзялілася сваімі развагамі пра надзённасць добрых адносін чалавека да прыроды. Распавяла, што галоўнымі у жыцці з’яўлюцца павага, дабрыня, любоў да Радзімы.
На працягу сустрэчы прысутныя дзяліліся сваімі ўраджаннямі, чыталі ўслых вершы аўтара. З радасцю павіншавалі Мікалая Іваноўскага з выхадам новай кнігі, жадаючыя атрымалі кнігі з аўтографам.