Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і якую павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці.

Выхаванне любові і павагі да роднай мовы, падтрыманне цікавасці да яе вывучэння, папаўненне слоўнікавага запасу – асноўныя мэты філалагічнага прыпынку “Наша простае, шчырае слова”, які прайшоў 21 лютага ў філіяле “Гарадская бібліятэка №46” для вучняў 5 “Б” класа СШ №7 г.Ваўкавыска.

Падчас мерапрыемства дзеці даведаліся, чаму для святкавання Міжнароднага дня роднай мовы быў абраны менавіта гэты дзень – 21 лютага, абмяркоўвалі, што мы павінны рабіць для таго, каб лепш разумець нашу родную мову, якая паказвае спрадвечнасць беларусаў на сваёй зямлі.

Разнастайныя заданні і конкурсы (“Перакладчыкі”, “Загадкі ў жартах”, “Крылатая паштоўка”) садзейнічалі развіццю інтэлектуальных магчымасцей і творчых здольнасцей вучняў.

На працягу ўсяго мерапрыемства, прысвечанаму Міжнароднаму дню роднай мовы, панавала атмасфера зацікаўленасці і добразычлівасці.