Да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта, найярчэйшай зоркі беларускай літаратуры Янкі Купалы 7 ліпеня ў філіяле “Воўпаўская сельская бібліятэка” адбылося гучнае чытанне “Непаўторны талент”.
Багатую спадчыну пакінуў нам Янка Купала – паэт, драматург, палымяны публіцыст. Яго творы жывуць і будуць жыць праз стагоддзі. Час не мае над ім ўлады. Уся літаратурная спадчына паэта засведчана асабіста перажытымі хваляваннямі, выклікана асабістымі абставінамі. Кожны твор Янкі Купалы – споведзь, дзённік, па якім можна ўзнавіць увесь шлях песняра.
Янка Купала – непаўторны талент, у якім увасабляецца сіла беларускага народа, прыгажосць яго духоўнага багацця, яго глыбокая гуманнасць, яго мудрая філасофія. Купалава творчасць – цудоўна-непаўторнае люстра, у якім праўдзіва, ярка, хвалююча адбілася шматграннасць жыцця і барацьбы беларускага народа за сваю гісторыю, за чалавечыя правы.
Бібліятэкар расказала пра лёс і творчасць класіка. Удзельнікі мерапрыемства натхнёна і пранікнёна чыталі вершы выдатнага песняра Беларусі : “Спадчына”, “Хлопчык і лётчык”, ‘Беларус”, “Мой край” і іншыя.
Імкліва бягуць гады. Але колькі б часу ні прайшло, заўседы будзе жыць у памяці людзей Купала – выдатны народны паэт, без якога немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру.