Да 115-годдзя зборніка Янкі Купалы “Жалейка”
Трэці выпуск праекта “Пад зоркай юбіляра” прысвечаны зборніку Янкі Купалы “Жалейка”, якому ў 2023 годзе спаўняецца 115 гадоў.
У верасні 1908 г. у Пецярбургу выйшаў у свет першы паэтычны зборнік вершаў Янкі Купалы “Жалейка”, выдадзены беларускай выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца”. У зборнік увайшло 96 твораў, сярод іх – лірычныя вершы і паэма “Адплата каханнем”, напісаныя ў 1905 -1907 гг.
“Жалейка” – цэласная кніга лірыкі, дум і перажыванняў, якія выказаны ад імя селяніна і самога паэта як сялянскага песняра.
Самы вядомы твор зборніка – верш “А хто там ідзе?”, які на доўгі час стаў неафіцыйным гімнам беларусаў, і які быў перакладзены на 101 мову свету і выдадзены асобнай кнігай.
Пасля былі зборнікі “Гусляр”, “Шляхам праўды” і многія іншыя кнігі Янкі Купалы. Яшчэ большыя вышыні ўзяла купалаўская паэзія. Але пачыналася ўсё з “Жалейкі”. І назва гэта незабыўна ўпісана ў гісторыю беларускай культуры, усе 115 гадоў.